ФЛЮВІЯГЛЯЦЫЯ́ЛЬНЫЯ АДКЛА́ДЫ (ад лац. fluvius рака, паток + glacialis ледзяны), патокава-ледавіковыя адклады,
генетычны тып водна-ледавіковых адкладаў, сфарміраваных патокамі расталых ледавіковых вод. Прадстаўлены гарызантальна- і косаслаістымі пяскамі рознай зярністасці, жвірам, галькай, валунамі, радзей суглінкамі і супескамі. Складаюць зандры, камы, озы, камавыя тэрасы, флювіягляцыяльныя дэльты, краявыя насыпныя грады і інш. Магутнасць 10—20, зрэдку 30—45 м. На Беларусі пашыраны сярод антрапагенавых утварэнняў (1/3 іх аб’ёму) на Пд і У Бел. Паазер’я, схілах Бел. грады, Сярэднянёманскай нізіне, Цэнтральнабярэзінскай раўніне і Бел. Палессі. На б.ч. тэрыторыі з’яўляюцца глебаўтваральнымі пародамі. З Ф.а. звязаны радовішчы пяску, жвіру, прэсных падземных вод (асн. аб’ём вады для водазабеспячэння Мінска).
т. 16, с. 432
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)